Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЛЯВІТ

ЛЯВІТ 16

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1І казаў Гасподзь Майсею пасьля сьмерці двух сыноў Ааронавых, калі яны, падступіўшыся прад аблічча Гасподняе, памерлі,
2і сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону, брату твайму, каб ён не ва ўсякі час заходзіў у сьвятыні за заслону перад века, што на каўчэгу, каб яму не памерці, бо над векам Я буду зьяўляцца ў воблаку.
3Вось, з чым павінен уваходзіць Аарон у сьвятыню: зь цялём у ахвяру за грэх і з бараном на цэласпаленьне:
4сьвяшчэнны ільняны хітон павінен апранаць ён, а сподняе адзеньне хай будзе на целе ягоным, і льняным пасам няхай апяразваецца і льняны кідар надзявае: гэта сьвяшчэнная вопратка; і хай абмывае ён цела сваё вадою і надзявае яе;
5і з супольства сыноў Ізраілевых няхай возьме двух казлоў у ахвяру за грэх і аднаго барана на цэласпаленьне.
6І прынясе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе і ачысьціць сябе і дом свой.
7І возьме двух казлоў і паставіць іх прад абліччам Гасподнім і каля ўваходу ў скінію сходу;
8і кіне Аарон на абодвух казлоў жэрабя: адно жэрабя дзеля Госпада, а другое жэрабя дзеля адпушчэньня;
9і прывядзе Аарон казла, на якога выпала жэрабя дзеля Госпада, і прынясе яго ў ахвяру за грэх,
10а казла, на якога выпала жэрабя дзеля адпушчэньня, паставіць жывога перад Госпадам, каб учыніць на ім ачышчэньне і выслаць яго ў пустыню дзеля адпушчэньня.
11І прывядзе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе, і ачысьціць сябе і дом свой, і заколе цяля ў ахвяру за грэх за сябе;
12і возьме распаленага жару поўнае кадзіла з ахвярніка, які перад абліччам Гасподнім, і духмянага дробна патоўчанага дымленьня поўныя прыгаршчы, і ўнясе за заслону;
13і пакладзе дымленьне на агонь перад абліччам Гасподнім, і воблака дымленьня пакрые века, якое над каўчэгам адкрыцьця, каб яму не памерці;
14і возьме крыві цяляці і пакропіць пальцам сваім на века сьпераду і перад векам, сем разоў пакропіць крывёю з пальца свайго.
15І заколе казла ў ахвяру за грэх за народ, і ўнясе кроў ягоную за заслону, і зробіць з крывёю ягонаю тое самае, што рабіў з крывёю цяляці, і пакропіць ёю на века і перад векам, -
16і ачысьціць сьвятыню ад нячыстасьці сыноў Ізраілевых, і ад злачынстваў іхніх, ва ўсіх грахах іхніх. Так павінен зрабіць ён і са скініяй сходу, якая ў іх, сярод нячыстасьці іхняй.
17Ніводзін чалавек не павінен быць у скініі сходу, калі ўваходзіць ён дзеля ачышчэньня сьвятыні, да самага выхаду ягонага. І так ачысьціць ён сябе, дом свой і ўсё супольства Ізраілевае.
18І выйдзе ён да ахвярніка, які перад абліччам Гасподнім, і ачысьціць яго, і возьме крыві цяляці і крыві казла, і пакладзе на рогі ахвярніка з усіх бакоў,

19і пакропіць на яго крывёю з пальца свайго сем разоў, і ачысьціць яго, і асьвеціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраілевых.
20І ўчыніўшы ачышчэньне сьвятыні, скініі сходу і ахвярніка, прывядзе ён жывога казла,
21і пакладзе Аарон абедзьве рукі свае на галаву жывога казла, і вызнае над ім усе беззаконьні сыноў Ізраілевых і ўсе злачынствы іхнія і ўсе грахі іхнія, і пакладзе іх на галаву казла, і вышле з нарочным чалавекам у пустыню;
22і панясе казёл на сабе ўсе беззаконьні іхнія ў зямлю непраходную, і пусьціць ён казла ў пустыню.
23І ўвойдзе Аарон у скінію сходу, і здыме ільняную вопратку, якую апранаў, уваходзячы ў сьвятыню, і пакіне яе там,
24і абмые цела сваё вадою, на сьвятым месцы, і апране вопратку сваю, выйдзе і ўчыніць цэласпаленьне за сябе і цэласпаленьне за народ, і ачысьціць сябе і народ;
25а тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.
26І той, хто вадзіў казла дзеля адпушчэньня, павінен вымыць вопратку сваю, абмыць цела сваё вадою і потым можа ўвайсьці ў табар.
27А цяля за грэх і казла за грэх, чыя кроў унесена была дзеля ачышчэньня сьвятыні, няхай вынесуць вонкі з табара і спаляць на агні скуры іхнія і мяса іхняе і нечысьць іхнюю;
28хто спаліць іх, той павінен абмыць вопратку сваю і абмыць цела сваё вадою, і пасьля таго можа ўвайсьці ў табар.
29І хай будзе гэта вам вечнаю пастановаю: на сёмым месяцы, у дзясяты дзень месяца ўпакорвайце душы вашыя і ніякае дзеі ня чынеце, ні тубылец, ні прыхадзень, што пасяліўся сярод вас,
30бо ў гэты дзень ачышчаюць вас, каб зрабіць вас чыстымі ад усіх грахоў вашых, каб вы былі чыстыя перад абліччам Гасподнім;
31гэта субота спачыну вам, упакорвайце душы вашыя: гэта пастанова вечная.
32А ачышчаць павінен сьвятар, які памазаны і які прысьвечаны, каб сьвятарыць яму замест бацькі свайго: і апране ён ільняную вопратку, вопратку сьвяшчэнную,
33і ачысьціць Сьвятое Сьвятых і скінію сходу, і ахвярнік ачысьціць, і сьвятароў і ўвесь народ супольства ачысьціць.
34І хай будзе гэта вам вечнаю пастановаю: ачышчаць сыноў Ізраілевых ад усіх грахоў іхніх адзін раз у год. І зрабіў ён так, як загадаў Гасподзь Майсею.