25Ён думаў, зразумеюць браты яго, што Бог рукою ягонаю дае ім збавеньне; але яны не зразумелі.
26На другі дзень, калі некаторыя зь іх сварыліся, ён зьявіўся і схіляў іх да згоды, кажучы: вы - браты; навошта крыўдзіце адзін аднаго?
27А той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго, кажучы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі?
28Ці ня хочаш ты забіць і мяне, як учора забіў Егіпцяніна?
29Ад гэтых словаў Майсей уцёк і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыямскай, дзе нарадзіліся ад яго два сыны.
30Як мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні, дзе гара Сынайская, анёл Гасподні ў полымі вогненнага цярновага куста.
31Майсей убачыўшы зьдзівіўся з уявы; а калі падыходзіў разгледзець, быў яму голас Гасподні:
32Я Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагамаў і Бог Ісаакаў і Бог Якаваў. Майсей, ахоплены страхам, не адважыўся глядзець.
33І сказаў яму Гасподзь: скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
34Бачу Я ўціск народу Майго ў Егіпце і чую стогны ягоныя, і сышоў выбавіць яго; дык ідзі ж, Я пашлю цябе ў Егіпет.
35Гэтага Майсея, якога яны адцураліся, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю? - яго Бог рукою анёла, што зьявіўся яму ў цярновым кусьце, паслаў начальнікам і ратаўніком.
36Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай і ў Чэрмным моры і ў пустыні за сорак гадоў.
37Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраілевым: Прарока паставіць вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых: Яго слухайце.