3Ён ва ўяве ясна бачыў каля дзявятай гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!
4А ён, зірнуўшы на яго і спалохаўшыся, сказаў: што, Госпадзе? Анёл адказваў яму: малітвы твае і міласьціны твае ўзгадаліся перад Богам;
5дык пашлі людзей у Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром:
6ён гасьцюе ў нейкага Сымона-гарбара, чый дом каля мора; ён скажа табе, што табе трэба рабіць.
7Калі анёл, які гаварыў з Карніліем, адышоў, дык ён, паклікаўшы двух сваіх слуг і набожнага воіна з тых, што былі пры ім,
8і расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёпію.
9На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны ўзышоў на дах дома памаліцца.
10І адчуў ён голад, і захацеў есьці; пакуль гатавалі, найшла на яго жарсьць,
11і бачыць адчыненае неба і нейкі посуд, які апускаецца да яго, нібы вялікае палатно, прывязанае за чатыры рагі і апусканае на зямлю;
12у ім былі ўсякія чатырногі зямныя, зьвяры, плазуны і птушкі нябесныя.
13І быў голас яму: устань, Пётр, закалі і еж.
14Але Пётр сказаў: не, Госпадзе! я ніколі ня еў нічога паганага або нячыстага.
15Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае.
16Гэта было тройчы - і посуд зноў падняўся на неба.
17Калі ж Пётр раздумваў сам сабе, што б такое азначаў гэты відзеж, што ён бачыў, - вось, мужы, пасланыя Карніліем, распытаўшыся пра дом Сымонаў, спыніліся каля варот,
18і, гукнуўшы, спыталіся: ці тут Сымон, якога завуць Пятром?
19Тым часам, як Пётр разважаў пра відзеж, Дух сказаў яму: вось, трох чалавек шукаюць цябе;
20устань, сыйдзі і йдзі зь імі, зусім не сумняваючыся; бо Я паслаў іх.
21Пётр, сыйшоўшы да людзей, прысланых да яго ад Карнілія, сказаў: я той, каго вы шукаеце; дзеля якой справы прыйшлі вы?
22А яны сказалі: Карнілій сотнік, чалавек дабрачынны і богабаязны, шанаваны ўсім народам Юдэйскім, атрымаў ад сьвятога анёла наказ паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словаў тваіх.