7Калі Аўдзій ішоў дарогаю, вось, насустрач яму ідзе Ільля. Ён пазнаў яго і ўпаў на аблічча сваё і сказаў: ці ты гэта, спадару мой Ільля?
8Той сказаў яму: я, ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
9Ён сказаў: чым я правініўся, што ты перадаеш раба твайго ў рукі Ахаву, каб забіць мяне?
10Жывы Гасподзь Бог твой! няма ніводнага народу і царства, куды б ня пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і калі яму казалі, што цябе няма, ён браў клятву з таго, царства і народу, што не маглі знайсьці цябе;
11а ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
12Калі я пайду ад цябе, тады Дух Гасподні аднясе цябе, ня ведаю, куды; і калі я пайду паведаміць Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, дык ён заб'е мяне; а раб твой богабаязны з маладосьці сваёй.
13Хіба ня сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езавэль забівала прарокаў Гасподніх, як я хаваў сто чалавек прарокаў Гасподніх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою?
14А ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут; ён заб'е мяне.
15І сказаў Ільля: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! сёньня я пакажуся яму.
16І пайшоў Аўдзій насустрач Ахаву і данёс яму. І пайшоў Ахаў насустрач Ільлю.
17Калі Ахаў убачыў Ільлю, дык сказаў Ахаў яму: ці ты гэта, хто бянтэжыць Ізраіля?
18І сказаў Ільля: ня я бянтэжу Ізраіля, а ты і дом бацькі твайго, тым, што вы пагардзілі загадамі Гасподнімі і ідзяце сьледам за Вааламі;
19цяпер пашлі і зьбяры да мяне ўсяго Ізраіля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і чатырыста - прарокаў дуброўных, якія кормяцца ад стала Езавэлі.
20І паслаў Ахаў да ўсіх сыноў Ізраілевых і сабраў усіх на гару Карміл.
21І падышоў Ільля да ўсяго народу і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены? Калі Гасподзь ёсьць Бог, дык ідзеце сьледам за Ім; калі Ваал, дык ідзеце сьледам за ім. І не адказваў народ яму ні слова.
22І сказаў Ільля народу: я адзін застаўся прарок Гасподні, а прарокаў Ваалавых чатырыста пяцьдзясят чалавек;
23хай дадуць нам двух цялят, і хай яны выберуць сабе адно цяля, і расьсякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню хай не падкладваюць; а я падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, а агню не падкладу;
24і паклічце вы імя бога вашага, а я паклічу імя Госпада Бога майго. Той Бог, Які дасьць адказ праз агонь, ёсьць Бог. І адказваў увесь народ і сказаў: добра.
25І сказаў Ільля прарокам Ваалавым: выберце сабе адно цяля і падрыхтуйце вы раней, бо вас многа; і паклічце імя бога вашага, але агню не падкладвайце.
26І ўзялі яны цяля, якое было дадзена ім, і прыгатавалі, і клікалі імя Ваала з раніцы да полудня, кажучы: Ваале, пачуй нас! Але ня было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны каля ахвярніка, які зрабілі.