1Празь некалькі дзён, у час жніва пшаніцы, прыйшоў Самсон пабачыцца з жонкаю сваёю, прынёсшы з сабою казьляня; і сказаў ёй: «увайду да жонкі маёй у спальню», бацька яе ня даў яму ўвайсьці.
2І сказаў бацька яе: я падумаў, што ты зьненавідзеў яе, і я аддаў яе дружку твайму; вось, меншая сястра прыгажэйшая за яе; няхай яна будзе табе замест яе.
3Але Самсон сказаў ім: цяпер я буду справядлівы перад Філістымлянамі, калі ўчыню ім благое.
4І пайшоў Самсон, і злавіў трыста лісаў, і ўзяў паходні, і зьвязаў хвост з хвастом, і прывязаў па паходні паміж двума хвастамі;
5і запаліў паходні, і пусьціў іх на жніво Філістымскае, і выпаліў капіцы і няжаты хлеб, і вінаградныя сады і аліўкавыя.
6І казалі Філістымляне: хто гэта зрабіў? І казалі: Самсон, зяць Філістымлянаў; бо гэты ўзяў жонку ягоную і аддаў сябру ягонаму. І пайшлі Філістымляне, і спалілі агнём яе і бацьку яе.
7Самсон сказаў ім: хоць вы зрабілі гэта, але я адпомшчу вам самім, і толькі тады супакоюся.
8І перабіў ён ім галені і клубы, і пайшоў і засеў у цясьніне скалы Этама.
9І пайшлі Філістымляне, і атабарыліся ў Юдэі, і працягнуліся да Лэхі.