12і прынясе яе сьвятару, а сьвятар возьме зь яе поўную жменю на памяць і спаліць на ахвярніку ў ахвяру Госпаду: гэта ахвяра за грэх;
13і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён зграшыў у якім-небудзь з гэтых выпадкаў, і даравана будзе яму; а рэшта належыць сьвятару, як прынашэньне хлебнае.
14І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
15калі хто ўчыніць злачынства і з памылкі згрэшыць супроць прысьвечанага Госпаду, няхай за віну сваю прынясе Госпаду са статку авечак барана без пахібы, паводле тваёй ацэны, срэбранымі сіклямі па сіклі сьвяшчэнным, у ахвяру павіннасьці;
16за тую сьвятыню, супроць якое ён зграшыў, няхай аддасьць і дадасьць да таго пятую долю, і аддасьць гэта сьвятару, і сьвятар ачысьціць яго бараном ахвяры павіннасьці, і даравана будзе яму.
17Калі хто згрэшыць і зробіць што-небудзь супроць запаведзяў Гасподніх, чаго не належала рабіць, і зь няведаньня зробіцца вінаватым і панясе на сабе грэх,
18няхай прынясе сьвятару ў ахвяру павіннасьці барана без пахібы, паводле ацэны тваёй, і загладзіць сьвятар злачынства ягонае, у чым ён пераступіў зь няведаньня, і даравана будзе яму.