1Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім,
2не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы.
3Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі,
4які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога.
5Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта?
6І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе.
7Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, -
8і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб'е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго,
9таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі,
10і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня.
11І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні,
12хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду.
13А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, любасныя Богу браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру ісьціне, выбраў вас на ратаваньне,
14да якога і паклікаў вас зьвеставаньнем нашым, дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
15Дык вось, браты, стойце і трымайце паданьні, якім вы навучаны або словам, або пасланьнем нашым.
16А Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў уцеху вечную і надзею добрую ў мілаце,
17няхай суцешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас у кожным слове і справе добрай.