1 Кіроўцу хору. На золку. Псальма Давідава.
2 Божа мой! Божа мой! нашто Ты пакінуў мяне? Далёкія словы крыку майго ад ратунку майго.
3 Божа мой! я клічу ўдзень - і Ты не аказваешся, уначы - і няма мне супакаеньня.
4 Але Ты, Сьвяты, жывеш сярод пахвалаў Ізраіля.
5 На Цябе спадзяваліся нашы бацькі; спадзяваліся, і Ты вызваляў іх,
6 да Цябе заклікалі яны, і былі ратаваныя; на Цябе спадзяваліся, і ня былі пасаромленыя.
7 А я чарвяк, а не чалавек, зьнявага ў людзей і пагарда ў народзе.
8 Усе, хто бачыць мяне, клянуць мяне; кажуць вуснамі, галавою ківаюць:
9 «ён спадзяваўся на Госпада; хай вызваліць яго, хай уратуе, калі ён даспадобы Яму».
10 Але Ты вывеў мяне з улоньня матчынага; уклаў у мяне надзею каля грудзей маці маёй.
11 Табе я даручаны ад нараджэньня; ад улоньня маці маёй Ты - мой Бог.