14і калі будзе паміж вамі жыць прыхадзень, альбо хто б там ні быў сярод вас у роды вашыя, і прынясе ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, дык і ён павінен рабіць так, як вы робіце;
15вам, супольства, і прыхадню, які жыве, статут адзін, статут вечны ў роды вашыя: што вы, тое і прыхадзень хай будзе перад Госпадам;
16закон адзін і адны правы хай будуць вам і прыхадню, які жыве ў вас.
17І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
18абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю, у якую Я вяду вас,
19і будзеце есьці хлеб той зямлі, дык прыносьце прынашэньне Госпаду;
20ад пачаткаў цеста вашага ляпёшку прыносьце ў прынашэньне; прыносьце яе так, як прынашэньне з гумна;
21ад пачаткаў цеста вашага аддавайце ў прынашэньне Госпаду ў роды вашыя.
22А калі парушыце ад няведаньня і ня выканаеце ўсіх гэтых наказаў, якія сказаў Гасподзь Майсею,
23усяго, што наказаў вам Гасподзь праз Майсея, ад таго дня, калі Гасподзь наказаў вам, і наперад у роды вашыя, -
24дык, калі зь недагляду супольства зроблена памылка, няхай уся супольнасьць прынясе аднаго маладога вала на цэласпаленьне, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, з хлебным прынашэньнем і паліваньнем яго, паводле статуту, і аднаго казла ў ахвяру за грэх;
25і ачысьціць сьвятар усё супольства сыноў Ізраілевых, і будзе даравана ім, бо гэта была памылка, і яны прынесьлі прынашэньне сваё ў ахвяру Госпаду, і ахвяру за грэх свой перад Госпадам, за сваю памылку;
26і будзе даравана ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і прыхадню, які жыве сярод іх, бо ўвесь народ зрабіў гэта з памылкі.