Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЛІКІ - ЛІКІ 15

ЛІКІ 15:12-41

Help us?
Click on verse(s) to share them!
12па ліку ахвяр, якія вы прыносіце, так рабеце пры кожнай, па ліку іх.
13Кожны тубылец так павінен рабіць гэта, прыносячы ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;
14і калі будзе паміж вамі жыць прыхадзень, альбо хто б там ні быў сярод вас у роды вашыя, і прынясе ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, дык і ён павінен рабіць так, як вы робіце;
15вам, супольства, і прыхадню, які жыве, статут адзін, статут вечны ў роды вашыя: што вы, тое і прыхадзень хай будзе перад Госпадам;
16закон адзін і адны правы хай будуць вам і прыхадню, які жыве ў вас.
17І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
18абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю, у якую Я вяду вас,
19і будзеце есьці хлеб той зямлі, дык прыносьце прынашэньне Госпаду;
20ад пачаткаў цеста вашага ляпёшку прыносьце ў прынашэньне; прыносьце яе так, як прынашэньне з гумна;
21ад пачаткаў цеста вашага аддавайце ў прынашэньне Госпаду ў роды вашыя.
22А калі парушыце ад няведаньня і ня выканаеце ўсіх гэтых наказаў, якія сказаў Гасподзь Майсею,
23усяго, што наказаў вам Гасподзь праз Майсея, ад таго дня, калі Гасподзь наказаў вам, і наперад у роды вашыя, -
24дык, калі зь недагляду супольства зроблена памылка, няхай уся супольнасьць прынясе аднаго маладога вала на цэласпаленьне, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, з хлебным прынашэньнем і паліваньнем яго, паводле статуту, і аднаго казла ў ахвяру за грэх;
25і ачысьціць сьвятар усё супольства сыноў Ізраілевых, і будзе даравана ім, бо гэта была памылка, і яны прынесьлі прынашэньне сваё ў ахвяру Госпаду, і ахвяру за грэх свой перад Госпадам, за сваю памылку;
26і будзе даравана ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і прыхадню, які жыве сярод іх, бо ўвесь народ зрабіў гэта з памылкі.
27А калі адзін хто згрэшыць зь няведаньня, дык няхай прынясе казу-адналетку ў ахвяру за грэх;
28і ачысьціць сьвятар душу, якая зрабіла з памылкі грэх перад Госпадам, і ачышчана будзе, і даравана будзе ёй,
29адзін закон хай будзе ўсім вам, як прыроднаму жыхару з сыноў Ізраілевых, так і прыхадню, які жыве ў вас, калі хто зробіць што з памылкі.
30А калі хто з тубыльцаў альбо з прыхадняў зробіць што дзёрзкаю рукою, дык ён зьневажае Госпада: зьнішчыцца душа тая з народу свайго,
31бо словам Гасподнім ён пагардзіў і запавет Ягоны парушыў; зьнішчыцца душа тая; грэх яе на ёй.
32Калі сыны Ізраілевыя былі ў пустыні, знайшлі чалавека, які зьбіраў дровы ў суботу;
33і прывялі яго, зборшчыка дроў, да Майсея і Аарона і да ўсяго супольства;
34і пасадзілі яго пад варту, бо ня было яшчэ вызначана, што трэба зь ім зрабіць.
35І сказаў Гасподзь Майсею: павінен памерці чалавек гэты; хай пабэе яго камянямі ўсё супольства за табарам.
36І вывела яго ўсё супольства з табара, і пабілі яго камянямі, і ён памёр, як загадаў Гасподзь Майсею.
37І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
38абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім, каб яны рабілі сабе кутасы на краях вопраткі сваёй у роды іхнія, і ў кутасы, якія на краях, устаўлялі ніткі з блакітнай воўны;
39і будуць яны ў кутасах у вас дзеля таго, каб вы, гледзячы на іх, успаміналі ўсе наказы Гасподнія і выконвалі іх і не хадзілі сьледам за сэрцам вашым і вачамі вашымі, якія вабяць вас да блудадзейства,
40каб вы памяталі і выконвалі ўсе наказы Мае і былі сьвятыя перад Богам вашым.
41Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь, Бог ваш.

Read ЛІКІ 15ЛІКІ 15
Compare ЛІКІ 15:12-41ЛІКІ 15:12-41