13дзе мне ўзяць мяса, каб даць усяму народу гэтаму? бо яны плачуць перад мною і кажуць: дай нам есьці мяса.
14Я адзін не магу несьці народу гэтага, бо ён цяжкі мне;
15калі Ты так робіш са мною, дык лепей аддай мяне сьмерці, калі я знайшоў літасьць перад вачыма Тваімі, каб ня бачыць мне бедства майго.
16І сказаў Гасподзь Майсею: зьбяры мне семдзесят мужчын са старэйшынаў Ізраілевых, якіх ты ведаеш, што яны старэйшыны і наглядчыкі ягоныя і вазьмі іх да скініі сходу, каб яны сталі там з табою;
17Я сыду, і буду гутарыць там з табою, і вазьму ад Духа, Які на табе, і ўскладу на іх несьці цяжар народу, каб не адзін ты насіў.
18А народу скажы: ачысьціцеся да заўтрашняга дня, і будзеце есьці мяса; бо вы ўголас плакаліся Богу і казалі: хто накорміць нас мясам? добра нам было ў Егіпце, - дык і дасьць вам Гасподзь мяса, і есьцімеце:
19не адзін дзень будзеце есьці, ня два дні, ня пяць дзён, ня дзесяць дзён і ня дваццаць дзён,
20а цэлы месяц, пакуль ня пойдзе яно з ноздраў вашых і ня зробіцца вам агідным за тое, што вы пагардзілі Госпадам, Які сярод вас, і енчылі перад Ім, кажучы: навошта нам было выходзіць зь Егіпта?
21І сказаў Майсей: шэсьцьсот тысяч пешых у народзе гэтым, сярод якога і я; а Ты кажаш: Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц!
22ці закалоць усіх авечак і валоў, каб ім было даволі? альбо ўся рыба марская зьбярэцца, каб задаволіць іх?