Text copied!
Bibles in Belarusian

ЛУКАША 3:4-25 in Belarusian

Help us?

ЛУКАША 3:4-25 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

4 як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: «голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму;
5 кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай абнізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
6 і ўбачыць кожная плоць ратунак Божы».
7 Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу?
8 прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
9 ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
10 І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць?
11 Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае.
12 Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: Настаўнік! што нам рабіць?
13 Ён адказваў ім: нічога не патрабуйце больш вызначанага вам.
14 Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай.
15 А калі люд быў у чаканьні, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня Хрыстос ён, -
16 Ян усім адказваў: я хрышчу вас вадою, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты разьвязаць рэмень на абутку; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;
17 гарфа Ягоная ў руцэ Ягонай, і ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў засекі Свае, а салому спаліць вагнём непагасным.
18 Шмат чаго іншага зьвеставаў ён народу, павучаючы яго.
19 А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку братавую, і за ўсё, што зрабіў Ірад благога,
20 дадаў да ўсяго іншага і тое, што ўвязьніў Яна ў цямніцу.
21 А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, - адчынілася неба,
22 і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас зь нябёсаў, які прамовіў: Ты Сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў!
23 Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліеў,
24 Мататаў, Левіінаў, Мэлхіеў, Янаеў, Язэпаў,
25 Мататыеў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Нагееў.
ЛУКАША 3 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)