14 Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб'ём яго, і спадчына ягоная будзе наша.
15 І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка?
16 Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе!
17 Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім»?
18 Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
19 І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
20 І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.
21 І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;
22 ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?
23 А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
24 пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.
25 Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.
26 І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.
27 Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго:
28 Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму.