18 І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.
19 Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;
20 і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.
21 Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.
22 А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.
23 А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
24 Пасьля гэтых дзён зачала ілізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
25 так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.
26 А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,
27 да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.
28 Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.
29 А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.
30 І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;
31 і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;
32 Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
33 і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.
34 А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?
35 Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;
36 вось, і ілізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;
37 бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.
38 Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.
39 І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,
40 і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала ілізабэту.
41 Калі ілізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым,
42 і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!
43 І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?