26 Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захістаўся падмурак цямніцы; адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і на ўсіх кайданы паслаблі.
27 Ахоўнік цямніцы, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзьверы цямніцы адчыненыя, дастаў меч і хацеў закалоць сябе, думаючы, што вязьні ўцяклі.
28 Але Павал абвясьціў гучным голасам, кажучы: не рабі сабе ніякае шкоды, бо ўсе мы тут.
29 Той папрасіў вагню, убег у цямніцу і ў трымценьні прыпаў да Паўла і Сілы,
30 і, вывеўшы іх вонкі, сказаў: дабрадзеі мае! што мне рабіць, каб уратавацца?
31 А яны сказалі: веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і ўратуешся ты і ўвесь дом твой.
32 І абвясьцілі слова Гасподняе яму і ўсім, хто быў у доме ў яго.
33 І, узяўшы іх у тую гадзіну ночы, ён абмыў раны іхнія і без адкладу ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя;
34 і прывёўшы іх у дом свой, участаваў іх вячэрай і ўзрадаваўся з усім домам сваім, што ўвераваў у Бога.
35 А як настаў дзень, ваяводы паслалі гарадзкіх служак сказаць: адпусьці тых людзей.