Text copied!
Bibles in Belarusian

3 ЦАРСТВАЎ 6:1-19 in Belarusian

Help us?

3 ЦАРСТВАЎ 6:1-19 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

1 У чатырыста васьмідзясятым годзе пасьля выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай, на чацьвёртым годзе цараваньня Саламона над Ізраілем, у месяцы Зіф, які ёсьць другі месяц, пачаў ён будаваць храм Госпаду.
2 Храм, які пабудаваў цар Саламон Госпаду, даўжынёю быў шэсьцьдзясят локцяў, шырынёю дваццаць і вышынёю трыццаць локцяў,
3 і бабінец перад храмам дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні храма, і дзесяць локцяў шырыні перад храмам.
4 І зрабіў ён у доме вокны рашотчатыя, глухія з адкосамі.
5 І зрабіў прыбудову вакол сьценаў храма, вакол храма і Сьвятога Сьвятых і зрабіў бакавыя пакоі вакол.
6 Ніжні ярус прыбудовы шырынёю быў пяць локцяў, сярэдні шырынёю шэсьць локцяў, а трэці шырынёю сем локцяў; бо вакол храма звонку зроблены былі выступы, каб прыбудова не дакраналася да сьценаў храма.
7 Калі будаваўся храм, на будоўлю ўжываліся абчасаныя камяні: ні молата, ні цесака, ні якога іншага жалезнага прыладзьдзя ня было чуваць у храме пры будаўніцтве яго.
8 Уваход у сярэдні ярус быў з правага боку храма. Па круглых лесьвіцах уваходзілі ў сярэдні ярус, а ад сярэдняга ў трэці.
9 І пабудаваў ён храм і скончыў яго, і ашаляваў храм кедровымі дошкамі.
10 І прыбудаваў да ўсяго храма бакавыя пакоі вышынёю пяць локцяў; яны прымацаваныя былі да храма кедровымі бярвеньнямі.
11 І было слова Госпада Саламону, і сказана яму:
12 вось, ты будуеш храм: калі ты будзеш трымацца статутаў Маіх і рабіць паводле пастановаў Маіх і захоўваць усе запаведзі Мае, чынячы паводле іх, дык Я спраўджу на табе слова Маё, якое Я сказаў Давіду, бацьку твайму,
13 і буду жыць сярод сыноў Ізраілевых і не пакіну народу Майго Ізраіля.
14 І пабудаваў Саламон храм і закончыў яго.
15 І ашаляваў сьцены храма ўсярэдзіне кедровымі дошкамі; ад падлогі храма да столі ўсярэдзіне ашаляваў дрэвам і накрыў падлогу храма кіпарысавымі дошкамі.
16 І зладзіў у заднім баку храма, за дваццаць локцяў ад краю, сьцяну, і ашаляваў сьцены і столь кедровымі дошкамі, і асталяваў давір для Сьвятога Сьвятых.
17 Сорак локцяў быў храм, гэта значыць, пярэдняя частка храма.
18 На кедрах усярэдзіне храма былі выразаны падабенствы гуркоў і кветак, якія распускаюцца; усё было пакрыта кедрам, каменя ня відаць было.
19 А Сьвятое Сьвятых усярэдзіне храма ён падрыхтаваў на тое, каб паставіць там каўчэг запавета Гасподняга.
3 ЦАРСТВАЎ 6 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)