34 І пайшоў Ванэя, сын Ёдаеў, і забіў Ёава, і аддаў яго сьмерці, і ён быў пахаваны ў доме сваім у пустыні.
35 І паставіў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, замест яго над войскам; а Садока сьвятара паставіў цар замест Авіятара.
36 І паслаў цар паклікаць Сэмэя і сказаў яму: пабудуй сабе дом у Ерусаліме і жыві тут і нікуды ня выходзь адгэтуль;
37 і ведай, што ў той дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш паток Кедрон, канечне памрэш; кроў твая будзе на галаве тваёй.
38 І сказаў Сэмэй цару: добра; як загадаў гаспадар мой цар, так зробіць раб твой. І жыў Сэмэй у Ерусаліме доўгі час.
39 Але праз тры гады здарылася, што ў Сэмэя два рабы ўцяклі да Анхуса, сына Маахі, цара Гэцкага. І сказалі Сэмэю, кажучы: вось, рабы твае ў Гэце.
40 І ўстаў Сэмэй, і асядлаў асла свайго, і выправіўся ў Гэт да Анхуса шукаць рабоў сваіх. І вярнуўся Сэмэй і прывёў рабоў сваіх з Гэта.
41 І данесьлі Саламону, што Сэмэй хадзіў зь Ерусаліма ў Гэт і вярнуўся.
42 І паслаўшы, паклікаў цар Сэмэя і сказаў яму: ці не прысягаў я табе Госпадам і ці не абвяшчаў табе, кажучы: ведай, што ў той дзень, як ты выйдзеш і пойдзеш куды-небудзь, канечне памрэш? і ты сказаў мне: добра;
43 чаму ж ты ня выканаў загаду, які я даў табе прад Госпадам з прысягаю?
44 І сказаў цар Сэмэю: ты ведаеш і ведае сэрца тваё ўсё зло, якое ты зрабіў бацьку майму Давіду; хай жа аберне Гасподзь ліха тваё на галаву тваю!
45 а цар Саламон хай будзе дабраславёны, і трон Давідаў хай будзе непахісны прад Госпадам вечна!
46 І загадаў цар Ванэю, сыну Ёдаеваму, і ён пайшоў і забіў Сэмэя, і той памёр.