Text copied!
Bibles in Belarusian

3 ЦАРСТВАЎ 22:13-23 in Belarusian

Help us?

3 ЦАРСТВАЎ 22:13-23 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

13 Пасланы, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, словы прарокаў адзінагалосна прадказваюць цару добрае; хай бы і тваё слова было сугалоснае са словам кожнага зь іх; скажы і ты добрае.
14 І сказаў Міхей: жывы Гасподзь! я скажу тое, што скажа мне Гасподзь.
15 І прыйшоў ён да цара. Цар сказаў яму: Міхей! ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці не? І сказаў яму той: ідзі, будзе посьпех, Гасподзь аддасьць яго ў руку цара.
16 І сказаў яму цар: яшчэ і яшчэ заклінаю цябе, каб ты не казаў мне нічога, апрача праўды ў імя Госпада.
17 І сказаў ён: я бачу ўсіх Ізраільцянаў, расьсеяных па гарах, як авечак, у якіх няма пастуха. І сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, няхай вяртаюцца зь мірам кожны ў дом свой.
18 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?
19 І сказаў Міхей: выслухай слова Гасподняе: я бачыў Госпада на троне Яго, і ўсё войска нябеснае стаяла пры Ім, праваруч і леваруч ад Яго;
20 і сказаў Гасподзь: хто схіліў бы Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш;
21 і выступіў адзін дух, стаў перад абліччам Госпада і сказаў: я схілю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?
22 Ён сказаў: я выйду і зраблюся духам ілжывым у вуснах усіх прарокаў ягоных. Гасподзь сказаў: ты схіліш яго і выканаеш гэта; ідзі і зрабі так.
23 І вось цяпер дапусьціў Гасподзь духа ілжывага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх; але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.
3 ЦАРСТВАЎ 22 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)