12 Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае?
13 Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне - і сьвяткаваньне!
14 Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці.
15 І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві.
16 Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло;
17 навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву.
18 Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, - як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, - як воўну адбялю.
19 Калі захочаце і паслухаецеся, дык есьцімеце даброты зямлі.
20 Калі ж адмовіцеся і будзеце ўпарціцца, дык меч зжарэ вас: бо вусны Гасподнія маўляюць.
21 Як зрабілася блудадзейкаю верная сталіца, поўная правасудзьдзя! Праўда жыла ў ёй, а цяпер забойцы.
22 Срэбра тваё зрабілася шлакам, віно тваё сапсавана вадою.
23 Князі твае - законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і ўгоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім.
24 Таму кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф, Моцны Ізраілеў: о, Я ўсьцешу Сябе над супраціўцамі Маімі і адпомшчу ворагам Маім!
25 І павярну на цябе руку Маю, і, як лугам, адчышчу зь цябе дамесак, і аддзялю ад цябе ўсё сьвінцовае