Text copied!
Bibles in Belarusian

ІСАІ 10:1-15 in Belarusian

Help us?

ІСАІ 10:1-15 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

1 Гора тым, якія ставяць несправядлівыя законы і пішуць жорсткія пастановы,
2 каб адхіліць бедных ад правасудзьдзя і пазбавіць правоў маламоцных з народу Майго, каб удоваў зрабіць здабычаю сваёю і абрабаваць сіротаў.
3 І што вы будзеце рабіць у дзень пакараньня, калі прыйдзе пагібель здалёку? Да каго ўцечаце па дапамогу? і дзе пакінеце багацьце вашае?
4 Безь Мяне сагнуцца сярод вязьняў і ўпадуць сярод забітых. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
5 О, Асур, жазло гневу Майго! і біч у руцэ ў яго - Маё абурэньне!
6 Я пашлю яго супроць народу бязбожнага і супроць народу гневу Майго, загадаю яму - абабраць рабункам і ўзяць здабычу, і таптаць яго, як бруд на вуліцах.
7 Але ён ня так падумае, і ня так намысьліць сэрца ягонае: у яго будзе на сэрцы - спустошыць і вынішчыць нямала народаў.
8 Бо ён скажа: «ці ня ўсе цары князі мае?»
9 Халнэ ці ж ня тое самае, што Кархэміс? Эмат ці ж ня тое самае, што Арпад? Самарыя ці ж ня тое самае, што Дамаск?
10 Бо рука мая авалодала царствамі ідальскімі, у якіх куміраў больш, чым у Ерусаліме і Самарыі,
11 ці ж не зраблю таго самага зь Ерусалімам і рэзьбамі яго, што зрабіў з Самарыяй ды ідаламі яе?
12 І станецца: калі Гасподзь завершыць усю Сваю дзею на гары Сіёне і ў Ерусаліме, скажа: пагляджу на посьпех пыхлівага сэрца цара Асірыйскага і на славалюбства высока паднятых вачэй ягоных.
13 Ён кажа: сілаю рукі маёй і маёю мудрасьцю я зрабіў гэта, бо я разумны: і перастаўляю межы народаў, і разбураю скарбы іхнія, і скідаю з тронаў, як волат;
14 і рука мая захапіла багацьце народаў, як гнёзды; і як забіраюць пакінутыя ў іх яйкі, так забраў я ўсю зямлю, і ніхто не варухнуў крылом і не разьзявіў рота і ня пікнуў.
15 Ці пахваляецца сякера перад тым, хто сячэ ёю? Ці ганарыцца піла перад тым, хто яе рухае? Хіба жазло паўстае на таго, хто падымае яго; хіба кій падымаецца на таго, хто ня дрэва!
ІСАІ 10 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)