Text copied!
Bibles in Belarusian

ЯНА 1:19-37 in Belarusian

Help us?

ЯНА 1:19-37 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

19 І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі зь Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты?
20 Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я ня Хрыстос.
21 І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказваў: не.
22 Сказалі яму: хто ж ты? каб нам даць адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе?
23 Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая.
24 А пасланцы былі з фарысэяў;
25 і яны спыталіся ў яго: што ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ня Ільля, ні прарок?
26 Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце;
27 Вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты разьвязаць рэмень на абутку Ягоным.
28 Гэта адбывалася ў Віфавары пры Ярдане, дзе хрысьціў Ян.
29 На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету;
30 Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней зя мяне;
31 я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю.
32 І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім;
33 я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць - Хто хрысьціць Духам Сьвятым;
34 і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.
35 На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных;
36 і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае.
37 Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам.
ЯНА 1 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)