7 наняў сабе слуг і служанак, і дамачадцы былі ў мяне; а таксама буйной і дробнай худобы было ў мяне болей, чым ва ўсіх, што жылі да мяне ў Ерусаліме;
8 сабраў сабе срэбра і золата й скарбаў каштоўных ад цароў і правінцый; завёў у сябе сьпевакоў і сьпявачак і асалоду сыноў чалавечых - мноства жонак і наложніц.
9 І ўзьвялічыўся я і ўзбагацеў над усімі, што жылі да мяне ў Ерусаліме; і мудрасьць мая засталася пры мне.
10 І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў, бо сэрца маё суцяшалася кожнаю працай маёю; і гэта было маёй доляй ва ўсіх маіх працах.
11 І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: і вось, усё - марнасьць і пагоня за ветрам, і ніякай карысьці пад сонцам.
12 Пастанавіў я сабе пабачыць і мудрасьць, шаленства і дурасьць. Бо што зробіць пасьля цара чалавек звыш таго, што зроблена ўжо?
13 І ўбачыў я, што мудрасьць пераважае над дурасьцю так, як сьвятло над цемраю.