15 І налічылася таго дня сыноў Веньямінавых з гарадоў дваццаць шэсьць тысяч чалавек, якія агалілі меч: апрача таго з жыхароў Гівы налічана сямсот адборных;
16 з усяго народу гэтага было сямсот чалавек адборных, якія былі ляўчукі, і ўсе гэтыя, кідаючы з прашчы камень у волас, ня кідалі міма.
17 А Ізраільцянаў, апрача сыноў Веньямінавых, налічвалася чатырыста тысяч чалавек, што агалялі меч; усе яны былі здольныя да вайны.
18 І ўсталі і пайшлі ў дом Божы, і пыталіся ў Бога і сказалі сыны Ізраілевыя: хто з нас раней пойдзе на вайну з сынамі Веньяміна? І сказаў Гасподзь: Юда наперадзе.
19 І ўсталі сыны Ізраілевыя раніцай і атабарыліся каля Гівы;
20 і выступілі Ізраільцяне на вайну супроць Веньяміна, і сталі сыны Ізраілевыя ў баявы парадак каля Гівы.
21 І выйшлі сыны Веньямінавыя зь Гівы і паклалі ў той дзень дваццаць дзьве тысячы Ізраільцянаў на зямлю.
22 Але народ Ізраільскі падбадзёрыўся, і зноў сталі ў баявы парадак на тым месцы, дзе стаялі першы дзень.
23 І пайшлі сыны Ізраілевыя, і плакалі перад Госпадам да вечара, і пыталіся ў Госпада: ці ўступаць мне яшчэ ў бітву з сынамі Веньяміна, брата майго? Гасподзь сказаў: ідзеце супроць яго.
24 І падступілі сыны Ізраілевыя да сыноў Веньяміна ў другі дзень.
25 Веньямін выступіў супроць іх з Гівы на другі дзень, і яшчэ паклалі на зямлю з сыноў Ізраілевых васемнаццаць тысяч чалавек, што агаляюць меч.
26 Тады ўсе сыны Ізраілевыя і ўвесь народ пайшлі і прышлі ў дом Божы і, седзячы там, плакалі перад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень да вечара, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры прад Госпадам.
27 І пыталіся сыны Ізраілевыя ў Госпада,
28 ці выходзіць мне яшчэ на бітву з сынамі Веньяміна, брата майго, ці не? Гасподзь сказаў: ідзеце: Я заўтра аддам яго ў рукі вашыя.
29 І паставіў Ізраіль засаду вакол Гівы.
30 І пайшлі сыны Ізраілевыя на сыноў Веньяміна на трэці дзень і сталі ў баявы парадак перад Гіваю, як раней.
31 Сыны Веньямінавыя выступілі супроць народу і аддаліліся ад горада, і пачалі, як раней, забіваць з народу на дарогах, зь якіх адна ідзе да Вэтыля, а другая да Гівы полем, і забілі да трыццаці чалавек зь Ізраільцянаў.
32 І сказалі сыны Веньямінавыя: яны падаюць перад намі, як і раней. А сыны Ізраілевыя сказалі: пабяжым ад іх і адцягнем іх ад горада на дарогі.
33 І ўсе Ізраільцяне ўсталі з свайго месца і выстраіліся ў Ваал-Тамары. І засада Ізраілевая кінулася са свайго месца, з заходняга боку Гівы.
34 І прыйшлі да Гівы дзесяць тысяч чалавек адборных з усяго Ізраіля, і пачалася жорсткая бітва; але сыны Веньяміна ня ведалі, што іх чакае бяда.
35 І пабіў Гасподзь Веньяміна перад Ізраільцянамі, і паклалі ў той дзень Ізраільцяне з сыноў Веньяміна дваццаць пяць тысяч сто чалавек, што агалілі меч.
36 Калі сыны Веньяміна ўбачылі, што яны пабітыя, тады Ізраільцяне саступілі месца сынам Веньяміна, бо спадзяваліся на засаду, якую яны пакінулі паблізу Гівы.
37 А засада пасьпяшалася і памкнулася да Гівы, і ўступіла і пабіла ўвесь горад мечам.
38 Ізраільцяне паставілі з засадаю ўмоўленым знакам да нападу дым слупам з горада.
39 І вось, калі Ізраільцяне адступілі зь месца бітвы, і Веньямін пачаў пабіваць і пабіў Ізраільцянаў да трыццаці чалавек і казаў: «зноў падаюць яны перад намі, як і ў ранейшых бітвах»,
40 тады пачаў падымацца з горада дым слупам. Веньямін азірнуўся назад, і вось, дым ад усяго града падымаецца ў неба.