2 Жыхары Газы сказалі: Самсон прыйшоў сюды. І хадзілі яны вакол, і падпільноўвалі яго ўсю ноч каля гарадское брамы, і хаваліся ўсю ноч, кажучы: да сьвятла ранішняга пачакаем, і заб'ем яго.
3 А Самсон спаў да поўначы; а Апоўначы, устаўшы, схапіў дзьверы гарадское брамы з абодвума вушакамі, падняў іх разам з завалай, паклаў на плечы свае, і занёс іх на вяршыню гары, што па дарозе ў Хэўрон.
4 Пасьля таго пакахаў ён адну жанчыну, якая жыла ў даліне Сарэк; звалі яе Даліла.
5 Да яе прыйшлі ўладцы Філістымскія, і кажуць ёй: угавары яго, і выведай, у чым вялікая сіла ягоная, і як нам адолець яго, каб зьвязаць яго і ўпакорыць яго; а мы дамо табе за тое кожны сто сікляў срэбра.
6 І сказала Даліла Самсону: скажы мне, у чым вялікая сіла твая, і чым зьвязаць цябе, каб цябе ўпакорыць.
7 Самсон сказаў ёй: калі зьвяжуць мяне сямю сырымі цяцівамі, якія ня высушаны, дык я зраблюся бясьсілы, і буду, як і астатнія людзі.
8 І прынесьлі ёй уладцы Філістымскія сем сырых цяціваў, якія ня высахлі, і яна зьвязала яго імі.
9 (Тым часам адзін патайна сядзеў у яе ўспальні.) І сказала яму: Самсоне! Філістымляне ідуць на цябе. Ён парваў цяцівы, як ірвуць нітку з кудзелі, калі перапаліць яе агонь. І ня выведана сіла ягоная.
10 І сказала Даліла Самсону: вось, ты ашукаў мяне і казаў мне няпраўду; скажы ж цяпер мне, чым цябе зьвязаць?
11 Ён сказаў ёй, калі зьвяжуць мяне новымі вяроўкамі, якія ня былі ва ўжытку, дык я зраблюся бясьсілы, і буду, як усе іншыя людзі.
12 Даліла ўзяла новыя вяроўкі, і зьвязала яго, і сказала яму: Самсоне! Філістымляне ідуць на цябе. І сарваў ён іх з рук сваіх, як ніткі.