5 І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.
6 Тады загадаў людзям узьлегчы на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў і ўзьнёсшы падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, каб яны раздалі; і яны раздалі людзям.
7 Было ў іх і крыху рыбак; дабраславіўшы, Ён загадаў раздаць і іх.
8 І елі і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
9 Тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.
10 І адразу ўвайшоўшы ў лодку з вучнямі Сваімі, прыплыў у межы Далмануфскія.
11 Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,
12 і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.
13 І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.
14 Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.
15 А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.
16 І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.
17 Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?