20 Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён муж праведны і сьвяты і пільнаваў яго; многае рабіў, слухаючыся яго, і з прыемнасьцю слухаў яго.
21 Настаў зручны дзень, калі Ірад, з нагоды ўгодкаў сваіх, даваў гасьціну вяльможам сваім, тысячнікам і старэйшынам Галілейскім, -
22 дачка Ірадыядзіна ўвайшла, скакала і дагадзіла Іраду і ўсім, што ўзьляжалі зь ім. Цар сказаў дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе.
23 І запрысягнуўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, нават да палавіны майго царства.
24 Яна выйшла і спыталася ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галавы Яна Хрысьціцеля.
25 І яна адразу пайшла сьпешна да цара і прасіла, кажучы: хачу, каб ты даў мне цяпер жа ў місе галаву Яна Хрысьціцеля.
26 Цар замаркоціўся; але, дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, не захацеў адмовіць ёй.
27 І адразу паслаўшы збраяносца, цар загадаў прынесьці галаву ягоную.
28 Той пайшоў, адцяў яму галаву ў цямніцы, і прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
29 Вучні ягоныя, пачуўшы, прыйшлі і ўзялі цела ягонае і паклалі яго ў магілу.
30 І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаму навучылі.
31 Ён сказаў ім: ідзеце вы адныя ў пустэльнае месца і адпачнеце крыху. Бо шмат прыходзіла і адыходзіла, так што і есьці ім ня было калі.
32 І выправіліся ў пустэльнае месца на лодцы адныя.