3 Гасподзь пачуў голас Ізраіля і аддаў Хананэяў у рукі яму, і ён паклаў заклён на іх і на гарады іхнія і даў імя месцу таму: Хорма.
4 Ад гары Ор выправіліся яны дарогаю Чэрмнага мора, каб абмінуць зямлю Эдома. І пачаў маладушнічаць народ у дарозе,
5 і гаварыў народ супроць Бога і супроць Майсея: навошта вывелі вы нас зь Егіпта, каб памерці ў пустыні, бо тут няма ні хлеба, ні вады, і душы нашай абрыдла нягодная ежа.
6 І паслаў Гасподзь на народ ядавітых зьмеяў, якія джгалі народ, і памерла мноства народу з Ізраілевых.