Text copied!
Bibles in Belarusian

ЛІКІ 16:14-33 in Belarusian

Help us?

ЛІКІ 16:14-33 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

14 ці прывёў ты нас у зямлю, дзе цячэ малако і мёд, і ці даў нам ва ўладаньне палі і вінаграднікі? вочы людзей гэтых ты хочаш асьляпіць? ня пойдзем!
15 Майсей вельмі засмуціўся і сказаў Госпаду: не зьвяртай пагляду Твайго на прынашэньне іхняе; я ня ўзяў ані ў воднага зь іх асла і не зрабіў благога ніводнаму з іх.
16 І сказаў Майсей Карэю: заўтра ты і ўвесь хаўрус твой будзьце прад абліччам Госпада, ты, яны і Аарон;
17 і вазьмеце кожны сваё кадзіла, і пакладзеце ў іх дымленьне, і прынясеце прад аблічча Гасподняе кожны сваё кадзіла, дзьвесьце пяцьдзясят кадзілаў; ты і Аарон, кожны сваё кадзіла.
18 І ўзяў кожны сваё кадзіла, і паклалі ў іх агню, і ўсыпалі ў іх дымленьняў, і сталі перад уваходам у скінію сходу; гэтак сама і Майсей і Аарон.
19 І сабраў супроць іх Карэй увесь хаўрус каля ўваходу ў скінію сходу. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму супольству.
20 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
21 аддзялецеся ад гурту гэтага, і Я зьнішчу іх у імгненьне.
22 А яны ўпалі на абліччы свае і сказалі: Божа, Божа духаў усякай плоці! адзін чалавек зграшыў, і Ты гневаешся на ўсё супольства?
23 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
24 скажы супольству: адступеце з усіх бакоў ад жытлішча Карэевага, Датанавага і Авіронавага.
25 І ўстаў Майсей і пайшоў да Датана і Авірона, і за імі пайшлі старэйшыны Ізраілевыя.
26 І сказаў супольству: адыдзеце ад палатак грэшных людзей гэтых і не дакранайцеся ні да чога, што належыць ім, каб не загінуць вам ва ўсіх грахах іхніх.
27 І адышлі яны з усіх бакоў ад жытлішча Карэя, Датана і Авірона; а Датан і Авірон выйшлі і стаялі каля дзьвярэй палатак сваіх з жонкамі сваімі і сынамі сваімі і з малымі дзецьмі сваімі.
28 І сказаў Майсей: з гэтага даведаецеся, што Гасподзь паслаў мяне рабіць усе дзеі гэтыя, а не па сваёй самахоці я раблю гэта:
29 калі яны памруць, як паміраюць усе людзі, і спасьцігне іх такая кара, як і ўсіх людзей, дык не Гасподзь паслаў мяне;
30 а калі Гасподзь учыніць нязвычайнае, і зямля разьзявіць вусны свае і праглыне іх і ўсё, што ў іх, і яны жывыя сыдуць у апраметную, дык ведайце, што людзі гэтыя пагардзілі Госпадам.
31 Толькі ён сказаў словы гэтыя, як расьселася зямля пад імі;
32 і разьзявіла зямля вусны свае і праглынула іх і дамы іхнія, і ўсіх людзей Карэевых і ўсю маёмасьць;
33 і сышлі яны з усім, што належала ім, жывыя ў апраметную, і накрыла іх зямля, і згінулі яны спасярод супольства.
ЛІКІ 16 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)