28 і ўзяў гэта Майсей з рук іхніх і спаліў на ахвярніку з цэласпаленьнем: гэта ахвяра прысьвячэньня ў прыемную духмянасьць, гэта ахвяра Госпаду.
29 І ўзяў Майсей грудзіну і прынёс яе, трасучы прад абліччам Гасподнім: гэта была доля Майсеевая ад барана прысьвячэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.
30 І ўзяў Майсей алею памазаньня і крыві, якая на ахвярніку, і пакрапіў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім; і так асьвяціў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім.
31 І сказаў Майсей Аарону і сынам ягоным: згатуйце мяса каля ўваходу ў скінію сходу і там ежце яго з хлебам, які ў кашы прысьвячэньня, як мне загадана і сказана: Аарон і сыны ягоныя павінны есьці яго;
32 а рэшту мяса і хлеба спалеце на агні;
33 сем дзён не адыходзьце ад дзьвярэй скініі сходу, пакуль ня мінуцца дні прысьвячэньня вашага, бо сем дзён павінна доўжыцца прысьвячэньне ваша;
34 як сёньня было зроблена, так загадаў Гасподзь рабіць дзеля ачышчэньня вас:
35 каля ўваходу ў скінію сходу будзьце дзень і ноч на працягу сямі дзён і будзьце на варце ў Госпада, каб не памерці, бо так мне загадана.
36 І выканаў Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў Гасподзь праз Майсея.