12 і выліў алей памазаньня на галаву Аарону і памазаў яго, каб асьвяціць яго.
13 І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і апрануў іх у хітоны, і аперазаў іх поясам, і ўсклаў на іх кідары, як загадаў Гасподзь Майсею.
14 І прывёў цяля дзеля ахвяры за грэх, і Аарон і сыны ягоныя паклалі рукі свае на галаву цяляці за грэх;
15 і закалоў яго і ўзяў крыві, і пальцам сваім паклаў на рогі ахвярніка з усіх бакоў, і ачысьціў ахвярнік, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка, і асьвяціў яго, каб зрабіць яго чыстым.
16 І ўзяў увесь тлушч, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх, і спаліў Майсей на ахвярніку;
17 а цяля і скуру зь яго, і мяса яго, і нячыстасьць яго спаліў на агні па-за табарам, як загадаў Гасподзь Майсею.
18 І прывёў барана на цэласпаленьне, і ўсклаў Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;
19 і закалоў яго Майсей і пакрапіў крывёю на ахавярнік з усіх бакоў;
20 і расьцяў барана на кавалкі, і спаліў Майсей галаву і кавалкі і тлушч,
21 а вантробы і ногі вымыў вадою, і спаліў Майсей усяго барана на ахвярніку: гэта ўсё спаленьне дзеля прыемнай духмянасьці, гэта ахвяра Госпаду, як загадаў Гасподзь Майсею.
22 І прывёў другога барана, барана прысьвячэньня, і паклалі Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;
23 і закалоў яго Майсей, і ўзяў крыві зь яго, і паклаў на край правага вуха Ааронавага і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай.
24 І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і паклаў крыві на край правага вуха іхняга і на вялікі палец правай рукі іхняй і на вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю на ахвярнік з усіх бакоў.
25 І ўзяў тлушч і курдзюк і ўвесь здор, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх і правую лапатку;
26 і з каша з праснакамі, які перад Госпадам, узяў адзін праснак і адзін хлеб з алеем і адну ляпёшку, і паклаў на тлушч і на правую лапатку;
27 і паклаў усё гэта на рукі Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынёс гэта, трасучы перад абліччам Гасподнім;
28 і ўзяў гэта Майсей з рук іхніх і спаліў на ахвярніку з цэласпаленьнем: гэта ахвяра прысьвячэньня ў прыемную духмянасьць, гэта ахвяра Госпаду.
29 І ўзяў Майсей грудзіну і прынёс яе, трасучы прад абліччам Гасподнім: гэта была доля Майсеевая ад барана прысьвячэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.
30 І ўзяў Майсей алею памазаньня і крыві, якая на ахвярніку, і пакрапіў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім; і так асьвяціў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім.