Text copied!
Bibles in Belarusian

ЛЯВІТ 23:9-31 in Belarusian

Help us?

ЛЯВІТ 23:9-31 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

9 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
10 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, дык прынясеце першы сноп жніва вашага да сьвятара;
11 ён падыме гэты сноп перад Госпадам, каб здабыць вам упадабаньне; на другі дзень сьвята падыме яго сьвятар;
12 і ўдзень уздыманьня прынясеце на цэласпаленьне Госпаду ягня-адналетка, без пахібы,
13 і зь імі хлебнага прынашэньня дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у ахвяру Госпаду, дзеля прыемнай духмянасьці, і выліваньне да яго чвэрць гіна віна;
14 і ніякага новага хлеба, ні сушанага зерня, ні зерня сырога ня ежце да таго дня, калі прынесяце прынашэньні Богу вашаму: гэта вечная пастанова ў роды вашыя ва ўсіх селішчах вашых.
15 Адлічэце сабе ад першага дня пасьля сьвята, ад таго дня, калі прыносіце сноп трасеньня, сем поўных тыдняў,
16 да першага дня пасьля сёмага тыдня адлічэце пяцьдзясят дзён, і тады прынясеце новае хлебнае прынашэньне Госпаду:
17 ад селішчаў вашых прыносьце два хлебныя прынашэньні, якія павінны складацца зь дзьвюх дзясятых долі эфы пшанічнай мукі і павінны быць сьпечаныя кіслыя, першы плод Госпаду;
18 разам з хлябамі пастаўце сем ягнят без пахібы, адналетак, і з буйнога быдла адно цяля і двух бараноў; хай будзе гэта на цэласпаленьне Госпаду, і хлебнае прынашэньне і выліваньне да іх, у ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.
19 Падрыхтуйце таксама са статку коз аднаго казла ў ахвяру за грэх і двух ягнят-адналетак у ахвяру мірную;
20 сьвятар павінен прынесьці гэта, трасучы перад Госпадам, разам з трасёнымі хлябамі першага плоду і з двума ягнятамі, і гэта будзе сьвятыняю Госпаду: сьвятару;
21 і склікайце народ у гэты дзень, сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ва ўсіх селішчах вашых у роды вашыя.
22 Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, калі жнеш, і рэштак ад жніва твайго не зьбірай: беднаму і прыхадню пакінь гэта. Я Гасподзь, Бог ваш.
23 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
24 скажы сынам Ізраілевым: у сёмы месяц, у першы дзень месяца хай будзе ў вас спакой, сьвята трубаў, сьвяшчэнны сход;
25 ніякай працы не рабеце і прыносьце ахвяру Госпаду.
26 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
27 таксама на дзявяты дзень сёмага месяца гэтага, дзень ачышчэньня, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце душы вашыя і прыносьце ахвяру Госпаду:
28 ніякай працы не рабеце ў дзень гэты, бо гэта дзень ачышчэньня, каб ачысьціць вас перад абліччам Госпада, Бога вашага;
29 і ўсякая душа, якая не ўпакорыць сябе ў дзень гэты, зьнішчыцца з народу свайго;
30 і калі якая душа будзе рабіць якую-небудзь працу ў дзень гэты, Я зьнішчу тую душу з народу яе;
31 ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых;
ЛЯВІТ 23 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)