6 І калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па сьлядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і зьнішчу яе з народу яе.
7 Асьвячайце сябе і будзьце сьвятыя, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
8 Шануйце пастановы Мае і выконвайце іх, бо Я Гасподзь, Які асьвячае вас.
9 Хто будзе ліхасловіць бацьку свайго альбо маці сваю, той хай будзе аддадзены сьмерці; бацьку свайго і маці сваю ён ліхасловіў: кроў яго на ім.
10 Калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю замужняю, калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю блізкага свайго, - хай будуць аддадзены сьмерці і пералюбнік і пералюбніца.
11 Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той асарамаціў бацьку свайго; абое яны хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
12 Калі хто ляжа зь нявесткаю сваёю, дык абое яны хай будуць аддадзены сьмерці: гідоту ўчынілі яны, кроў іхняя на іх.
13 Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддазены сьмерці, кроў іхняя на іх.
14 Калі хто возьме сабе жонку і маці яе: гэта агіда; на агні трэба спаліць яго і іх, каб ня было беззаконьня сярод вас.
15 Хто зьмяшаецца з быдлам, таго аддаць сьмерці, і быдла забіце.
16 Калі жанчына пойдзе да якой-небудзь жывёлы, каб спалучыцца зь ёю, дык забі жанчыну і жывёлу: хай будуць яны аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
17 Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго альбо дачку маці сваёй дзеля плоцкай спалукі, гэта сорам, хай будуць яны зьнішчаны на вачах у сыноў народу свайго: ён асарамаціў сястру сваю: грэх свой панясе ён.