Text copied!
Bibles in Belarusian

ЛЯВІТ 13:19-56 in Belarusian

Help us?

ЛЯВІТ 13:19-56 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

19 і на месцы пухіра зьявілася белая пухліна, альбо пляма белая, альбо чырванаватая, дык ён павінен зьявіцца да сьвятара;
20 сьвятар агледзіць яго, і калі яна будзе ніжэй скуры, і валасы яго зьмяніліся на белыя, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы, яна распусьцілася на пухіры;
21 а калі сьвятар убачыць, што валасы на ёй белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён;
22 калі яна пачне вельмі пашырацца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля;
23 а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца, дык гэта запаленьне пухіра, і сьвятар абвесьціць яго чыстым.
24 Альбо калі ў каго на скуры цела будзе абпаліна, і на месцы загоенай абпаліны будзе чырванаватая альбо белая пляма,
25 і сьвятар убачыць, што валасы на пляме зьмяніліся на белыя, і яна будзе заглыбленая ў скуры, дык гэта праказа, яна распусьцілася на абпаліне; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы;
26 а калі сьвятар убачыць, што валасы на пляме ня белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён;
27 на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі яна вельмі пашырыцца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы;
28 а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца па скуры, і пры тым мала прыкметная, дык гэта пухліна ад апёку; сьвятар абвесьціць яго чыстым, бо гэта запаленьне ад апёку.
29 Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны будзе струпля на галаве, альбо на барадзе,
30 і агледзіць сьвятар струплю, і яна будзе заглыбленая ў скуры і валасы на ёй жаўтлявыя і тонкія, дык сьвятар абвесьціць іх нячыстымі: гэта пархатасьць, гэта праказа на галаве, альбо на барадзе;
31 а калі сьвятар агледзіць струплю пархатасьці, і яна ня будзе заглыбленая ў скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык сьвятар таго, хто мае струплю пархатасьці заточыць на сем дзён;
32 на сёмы дзень сьвятар агледзіць струплю, і калі пархатасьць не пашыраецца, і няма на ёй жаўтлявых валасоў, і пархатасьць ня будзе заглыбленая ў скуры,
33 дык хворага трэба астрыгчы, але пархатага месца не абстрыгаць, і сьвятар павінен пархатага другі раз затачыць на сем дзён;
34 на сёмы дзень сьвятар агледзіць пархатасьць, і калі пархатасьць не пашыраецца па скуры і ня будзе заглыбленая ў скуры, дык сьвятар абвесьціць яго чыстым: няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты.
35 А калі пасьля ачышчэньня ягонага будзе вельмі пашырацца пархатасьць па скуры,
36 і сьвятар убачыць, што пархатасьць пашыраецца па скуры, дык сьвятар няхай ня шукае жаўтлявых валасоў: ён нячысты;
37 а калі пархатасьць застаецца ў сваім выглядзе, і паказваецца на ёй чорны волас, дык пархатасьць прайшла, ён чысты: сьвятар абвесьціць яго чыстым.
38 Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны на скуры цела іхняга будуць плямы, плямы белыя,
39 і сьвятар убачыць, што на скуры цела іхняга плямы бледна-белыя, дык гэта лішай, які распусьціўся на скуры: ён чысты.
40 Калі ў каго на галаве вылезьлі валасы, дык гэта пляшывы, ён чысты:
41 а калі на пярэднім баку галавы вылезьлі валасы, дык гэта лысы: ён чысты.
42 Калі ж на плешыне альбо на лысіне будзе белая альбо чырванаватая пляма, дык на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай распусьцілася праказа;
43 сьвятар агледзіць яго, і калі ўбачыць, што пухліна струплі ягонай белая альбо чырванаватая на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай, з выгляду падобная на праказу скуры цела,
44 дык ён пракажоны, нячысты ён: сьвятар павінен абвясьціць яго нячыстым, у яго на галаве струпля.
45 У пракажонага, на якім гэтая струпля, павінна быць разадраная вопратка, і галава ягоная павінна быць не пакрытая, і па вусны ён павінен быць закрыты і крычаць: нячысты! нячысты!
46 Усе дні, пакуль на ім струпля, ён павінен быць нячысты, нячысты ён; ён павінен жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае.
47 Калі струпля праказы будзе на вопратцы, на вопратцы ваўнянай, альбо на вопратцы ільнянай,
48 альбо на аснове, альбо на ўтоку з ільну, альбо воўне, альбо на скуры, альбо на якім-небудзь вырабе скураным,
49 і пляма будзе зеленаватая альбо чырванаватая на вопратцы, альбо на скуры, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, - дык гэта струпля праказы: трэба паказаць яе сьвятару;
50 сьвятар агледзіць струплю і заточыць заражанае струпляю на сем дзён;
51 на сёмы дзень агледзіць сьвятар заражанае, і калі струпля пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па скуры, альбо па якім-небудзь вырабе, зробленым са скуры, дык гэта праказа ўедлівая, струпля нячыстая;
52 ён павінен спаліць вопратку, альбо аснову, альбо ўток ваўняны ці ільняны, альбо якую б то ні было скураную рэч, на якой будзе струпля, бо гэта праказа ўедлівая: трэба спаліць на агні.
53 А калі сьвятар убачыць, што струпля не пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па якой бы там ні было скураной рэчы,
54 дык сьвятар загадае абмыць тое, на чым струпля, і другі раз затачыць на сем дзён;
55 калі пасьля абмываньня заражанай рэчы сьвятар убачыць, што струпля не зьмяніла выгляду свайго, і не пашырылася струпля, дык яна нячыстая, спалі яе на агні; гэта выедзеная яміна на правым баку альбо на вывараце;
56 а калі сьвятар убачыць, што струпля пасьля абмываньня яе зрабілася менш прыкметная, дык сьвятар няхай адарве яе ад вопраткі, альбо ад скуры, альбо ад асновы, альбо ад утоку.
ЛЯВІТ 13 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)