Text copied!
Bibles in Belarusian

ЛУКАША 6:8-35 in Belarusian

Help us?

ЛУКАША 6:8-35 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

8 Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў.
9 Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі.
10 І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая.
11 А яны дайшлі да шаленства і раіліся паміж сабою, што б ім зрабіць зь Ісусам.
12 У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.
13 А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:
14 Сымона, якога назваў Пятрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,
15 Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,
16 Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.
17 І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
18 якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
19 І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.
20 І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае.
21 Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся.
22 Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага.
23 Радуйцеся ў той дзень і весялцеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.
24 Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне.
25 Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце.
26 Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія.
27 А вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым,
28 дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, і малецеся за напасьнікоў вашых.
29 Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе верхнюю вопратку, не заважай узяць і кашулю.
30 Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і з таго, хто ўзяў тваё, ня зысквай назад.
31 І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабеце зь імі.
32 І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка?
33 І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі тое самае чыняць.
34 І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама.
35 А вы любеце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх.
ЛУКАША 6 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)