20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.
21 Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.
22 А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,
23 як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;
24 і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.
25 Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.
26 Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга.
27 І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,
28 ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў:
29 сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам;
30 бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё,
31 якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
32 сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.
33 А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго.
34 І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, -
35 і Табе Самой зброя пратне душу, - каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.
36 І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў,
37 удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч.
38 І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.
39 І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
40 А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім.
41 Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
42 І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята;
43 калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная;
44 але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;
45 і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
46 Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх;