27 І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні.
28 І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей;
29 але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі.
30 І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім,
31 тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім.
32 І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне?
33 І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі,
34 якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону.
35 І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба.
36 Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.
37 Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;
38 але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
39 Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.
40 І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
41 А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?