Text copied!
Bibles in Belarusian

ЛУКАША 23:3-42 in Belarusian

Help us?

ЛУКАША 23:3-42 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

3 Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
4 Пілат сказаў першасьвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
5 Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтай мясьціны.
6 Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Ён Галілеянін?
7 І даведаўшыся, што Ён з вобласьці Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні быў таксама ў Ерусаліме.
8 Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, таму што шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць ад Яго які-небудзь цуд,
9 і задаваў Яму многія пытаньні: але Ён нічога не адказваў яму.
10 А першасьвятары і кніжнікі стаялі і зацята вінавацілі Яго.
11 Але Ірад са сваімі воямі, прынізіўшы яго і паглуміўшыся зь Яго, апрануў яго ў сьветлую вопратку і паслаў назад да Пілата.
12 І спрыяціліся ў той дзень Пілат зь Ірадам паміж сабою, бо раней былі ў варожасьці адзін з адным.
13 А Пілат, склікаўшы першасьвятароў і начальнікаў і людзей,
14 сказаў ім: вы прывялі да мяне Чалавека Гэтага, што нібыта разбэшчвае люд; і вось, я пры вас расьсьледаваў і не знайшоў Чалавека Гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы Яго вінаваціце;
15 і Ірад таксама: бо я пасылаў Яго да яго; і нічога ня знойдзена ў Ім вартага сьмерці;
16 дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
17 А яму і трэба было дзеля сьвята адпусьціць і аднаго вязьня.
18 Але ўвесь люд закрычаў: сьмерць Яму! а адпусьці нам Вараву.
19 Варава быў пасаджаны ў цямніцу за ўчыненую ў горадзе смуту і забойства.
20 Пілат зноў узвысіў голас, хочучы адпусьціць Ісуса.
21 Але яны крычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго!
22 Ён трэйці раз сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? я нічога вартага сьмерці не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
23 Але яны і далей зь вялікім крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхні і першасьвятароў.
24 І Пілат разважыў рабіць паводле іхняе просьбы,
25 і адпусьціў ім пасаджанага за смуту і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі; а Ісуса аддаў на іхную волю.
26 І калі павялі Яго, дык, захапіўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
27 І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
28 А Ісус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых;
29 бо надыходзяць дні, калі скажуць: дабрашчасныя няплодныя, і ўлоньні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!
30 Тады скажуць гарам: упадзеце на нас! і пагоркам: накрыйце нас!
31 бо, калі з зазелянелым дрэвам гэта робяць, дык з сухім што будзе?
32 Вялі зь Ім на сьмерць і двух зладзеяў.
33 І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і зладзеяў, аднаго з правага, а другога зь левага боку.
34 А Ісус сказаў: Войча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя.
35 І стаялі людзі і глядзелі. А насьміхаліся разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых ратаваў, хай уратуе Сябе Самога, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы.
36 Таксама і воі глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат
37 і кажучы: калі Ты Цар Юдэйскі, уратуй Сябе Самога.
38 І быў над Ім надпіс, напісаны словамі грэцкімі, рымскімі і гэбрэйскімі: Гэты ёсьць Цар Юдэйскі.
39 Адзін з павешаных зладзеяў ліхасловіў на Яго і казаў: калі Ты Хрыстос, уратуй Сябе і нас.
40 А другі наадварот сунімаў яго і казаў: ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое самае?
41 і мы засуджаныя справядліва, бо заслужанае паводле ўчынкаў нашых прынялі; а Ён нічога благога не зрабіў.
42 І сказаў Ісусу: спамяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
ЛУКАША 23 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)