Text copied!
Bibles in Belarusian

ЛУКАША 12:31-57 in Belarusian

Help us?

ЛУКАША 12:31-57 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

31 а найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам.
32 Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства.
33 Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае:
34 бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.
35 Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць;
36 і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
37 Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апяражацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім.
38 І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя.
39 Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой:
40 будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
41 Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці нам Ты прытчу гэтую кажаш, ці ўсім?
42 Гасподзь жа сказаў: хто верны і разумны ўпраўнік, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?
43 Дабрашчасны раб той, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, застане, што робіць так:
44 праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.
45 А калі раб той скажа ў сэрцы сваім: «ня скора прыйдзе гаспадар мой», і пачне біць слуг і служанак, есьці і піць і напівацца,
46 дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, і пасячэ яго і пакладзе яму долю аднолькавую зь нявернымі.
47 А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай, біты будзе моцна;
48 а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць.
49 Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!
50 Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца!
51 Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне;
52 бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох;
53 бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй.
54 Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так;
55 і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае.
56 Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?
57 Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна?
ЛУКАША 12 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)