13 адтуль адплыўшы, прыбылі ў Рыгію; а празь дзень, як павеяў паўднёвы вецер, прыбылі на другі дзень у Путэол,
14 дзе знайшлі братоў і былі ўпрошаныя пабыць у іх сем дзён, і потым паплылі мы ў Рым.
15 Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і трох гасьцініц; убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і падбадзёрыўся духам.
16 А як прыйшлі мы ў Рым, дык сотнік перадаў вязьняў ваеначальніку, а Паўлу дазволена жыць адасоблена з воінам, які вартаваў яго.
17 Праз тры дні Павал склікаў самых знакамітых Юдэяў і, калі яны сышліся, прамовіў да іх; мужы браты! не зрабіўшы нічога супраць народу ці бацькоўскіх звычаяў, я ў кайданах зь Ерусаліма перададзены ў рукі Рымлянам;
18 яны, судзіўшы мяне, хацелі даць волю, бо няма ўва мне ніякай віны, вартае сьмерці;
19 але як што Юдэі не паразумеліся, дык я мусіў патрабаваць суду ў кесара, зрэшты, ня дзеля таго, каб зьвінаваціць у чым-небудзь народ мой;
20 з гэтай прычыны я і склікаў вас, каб пабачыцца і пагутарыць з вамі, бо за надзею Ізраілеву абложаны я гэтымі кайданамі.
21 А яны сказалі яму: мы ні пісьмаў ня мелі пра цябе зь Юдэі, ні з вандроўных братоў ніхто не паведаміў пра цябе і не сказаў нічога благога.
22 Зрэшты, нам пажадана пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо вядома нам, што пра гэта вучэньне ўсюды спрачаюцца.
23 І прызначыўшы дзень яму, вельмі многія прыйшлі да яго ў гасьцініцу; і ён з раніцы да вечара выкладаў ім вучэньне пра Царства Божае і пераконваў іх за Ісуса, прыводзячы сьведчаньні з закона Майсеевага і прарокаў.
24 І адны пераконваліся ад словаў ягоных, а другія ня верылі.
25 Ня маючы згоды паміж сабою, яны адыходзілі, калі Павал сказаў ім наступныя словы: добра Дух Сьвяты сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю:
26 «ідзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце;
27 агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».
28 Дык вось, хай вам будзе вядома, што збавеньне Божае паслана язычнікам: яны і пачуюць.
29 Калі ён сказаў гэта, Юдэі пайшлі, многа спрачаючыся паміж сабою.
30 І жыў Павал цэлыя два гады на сваім утрыманьні і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,
31 прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю без забароны.