Text copied!
Bibles in Belarusian

ДЗЕІ 25:12-27 in Belarusian

Help us?

ДЗЕІ 25:12-27 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)

12 Тады Фэст, пагутарыўшы з радай, адказваў: ты спатрабаваў суду кесаравага, да кесара і выправішся.
13 Празь некалькі дзён цар Агрыпа і Вэрэніка прыбылі ў Кесарыю павіншаваць Фэста.
14 І як яны правялі там шмат дзён, дык Фэст выклаў цару справу Паўлаву, кажучы: тут ёсьць чалавек, пакінуты Феліксам у кайданах,
15 на якога, у бытнасьць маю ў Ерусаліме, скардзіліся першасьвятары і старэйшыны Юдэйскія, дамагаючыся засудзіць яго.
16 Я адказваў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на згубу, перш чым абвінавачаны будзе мець скаржнікаў перад сабою і атрымае свабоду абараняцца ад абвінавачаньня.
17 Калі ж яны прыйшлі сюды, дык, бяз усякага адкладу, на другі дзень, сеў я на суднае месца і загадаў прывесьці таго чалавека.
18 Абступіўшы яго, скаржнікі не назвалі ніводнай віны ягонай, якое я чакаў;
19 але яны мелі пэўныя спрэчкі зь ім пра іхняе богашанаваньне і пра нейкага мёртвага Ісуса, пра Якога Павал сьцьвярджаў, што Ён жывы.
20 Ня быўшы пэўны ў рашэньні гэтага пытаньня, я сказаў: ці ня хоча ён пайсьці ў Ерусалім і там прыняць суд у гэтым?
21 Але як што Павал патрабаваў, каб яго пакінулі на разгляд Аўгустаў, дык я загадаў трымаць яго пад вартаю да таго часу, як адпраўлю яго да кесара.
22 Агрыпа ж сказаў Фэсту: хацеў бы і я паслухаць гэтага чалавека. Заўтра ж, адказваў той, пачуеш яго.
23 На другі дзень, калі Агрыпа і Вэрэніка прыйшлі зь вялікаю пышнасьцю і ўвайшлі ў судовы намёт з тысячнікамі і знакамітымі грамадзянамі, па загадзе Фэста прыведзены быў Павал.
24 І сказаў Фэст: цару Агрыпе і ўсе прысутныя з намі мужы! вы бачыце таго, супроць якога ўсё мноства Юдэяў прыступаліся да мяне ў Ерусаліме і тут і крычалі, што ён не павінен больш жыць;
25 але я палічыў, што ён не зрабіў нічога вартага сьмерці, і як што ён сам дамагаўся суду ў Аўгуста, дык я рашыўся паслаць яго да кесара.
26 Я ня маю нічога пэўнага напісаць пра яго кесару; таму прывёў яго да вас, і найперш да цябе, цару Агрыпе, каб, пасьля разгляду, было мне што напісаць;
27 бо мне здаецца, неразважліва паслаць вязьня і не паказаць абвінавачаньняў на яго.
ДЗЕІ 25 in Біблія (пераклад В.Сёмухі)