1 Слова Агура, сына Якеевага. Натхнёныя выслоўі, якія сказаў гэты чалавек Іфіілу, Іфіілу і Укалу:
2 сапраўды, я большы невук, чым хто-небудзь зь людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,
3 і не навучыўся я мудрасьці, і пазнаньня сьвятых ня маю.
4 Хто ўзыходзіў на неба і сыходзіў? хто сабраў вецер у прыгаршчы свае? хто завязаў ваду ў вопратку? хто вызначыў усе межы зямлі? якое імя ў яго? і якое імя ў сына яго? ці ведаеш?
5 Кожнае слова ў Бога чыстае; Ён - шчыт тым, хто на яго спадзяецца.
6 Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе як ашуканца.
7 Дзьве рэчы я прашу ў Цябе, не адмові мне, перш чым я памру:
8 марнасьць і лжу адвядзі ад мяне, галечы і багацьця не давай мне, кармі мяне хлебам надзённым,
9 каб, аб'еўшыся, я ня зрокся Цябе і не сказаў: «хто Гасподзь?» і каб, згалеўшы, не пачаў красьці і зьневажаць імя Бога майго.
10 Не кляні раба перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты не застаўся вінаваты.