Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - 1 ЦАРСТВАЎ

1 ЦАРСТВАЎ 1

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Быў адзін чалавек з Раматаім-Цофіма, з гары Яфрэмавай, імя яго Элкана, сын Ерахама, сына Ілія, сына Тоху, сына Цуфа, - Эфрацянін;
2у яго былі дзьве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Фэнана; у Фэнаны былі дзеці, а ў Ганны ня было дзяцей.
3І хадзіў гэты чалавек з горада свайго ў адпаведныя дні пакланяцца і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу ў Сілом; і там былі два сыны ягоныя, Офні і Фэнэес, сьвятарамі Госпада.
4У той дзень, калі Элкана прыносіў ахвяру, даваў Фэнане, жонцы сваёй, і ўсім сынам яе і дочкам яе долі;
5а Ганьне даваў долю адмысловую, бо кахаў Ганну, хоць Гасподзь замкнуў улоньне яе.
6Суперніца яе моцна засмучала яе, падбіваючы яе да нараканьняў на тое, што Гасподзь замкнуў улоньне яе.
7Так бывала кожны год, калі хадзіла яна ў дом Гасподні: тая засмучала яе, а гэтая плакала і ня ела.
8І сказаў ёй Элкана, муж яе: Ганна! Чаго ты плачаш і чаму не ясі, і, чаго смуткуе сэрца тваё? ці ж ня лепшы я табе за дзесяць сыноў?
9І ўстала Ганна пасьля таго, як яны елі і пілі ў Сіломе. А Ілій сьвятар сядзеў тады на сядзеньні каля ўваходу ў храм Гасподні.
10І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка плакала,
11і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай.
12Тым часам як яна доўга малілася прад Госпадам, Ілій глядзеў на вусны яе;
13і як Ганна гаварыла ў сэрцы сваім, а вусны яе толькі варушыліся, і ня было чуваць голасу яе, дык Ілій прыняў яе за п'яную.
14І сказаў ёй Ілій: дакуль ты будзеш п'яная? працьверазіся зь віна твайго.
15І адказвала Ганна і сказала: не, спадару мой; я - жонка, што засмучаецца духам, віна і сікеру я ня піла; а выліваю душу маю прад Госпадам;
16ня лічы рабы тваёй нягоднаю жанчынаю, бо ад вялікай журбы маёй і ад скрухі маёй я гаварыла дагэтуль.
17І адказваў Ілій і сказаў: ідзі зь мірам, і Бог Ізраілеў спраўдзіць просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго.
18А яна сказала: хай жа знойдзе раба твая літасьць у вачах тваіх! І пайшла яна ў дарогу сваю, і ела, і аблічча яе ня было ўжо журботнае, як раней.

19І ўсталі яны раніцай, і пакланіліся прад Госпадам, і вярнуліся, і прыйшлі ў дом свой у Раму. І паклікаў Элкана Ганну, жонку сваю, і спамянуў пра яе Гасподзь.
20Празь некаторы час зачала Ганна і нарадзіла сына і дала яму імя Самуіл, бо, «у Госпада я выпрасіла яго».
21І пайшоў муж яе Элкана і ўся сямья ягоная прынесьці гадавую ахвяру Госпаду і абяцаньні свае.
22А Ганна не пайшла, сказаўшы мужу свайму: калі дзіця будзе аднята ад грудзей і падрасьце, тады я завяду яго, і ён зьявіцца прад Госпадам і застанецца там назаўсёды.
23І сказаў ёй Элкана, муж яе: рабі, што табе заўгодна; заставайся, пакуль ня выкарміш яго грудзьмі; толькі хай спраўдзіць Гасподзь слова, якое выйшла з вуснаў тваіх. І засталася жонка ягоная і карміла грудзямі сына свайго, пакуль ня выкарміла.
24А калі выкарміла яго, пайшла зь ім у Сілом, узяўшы тры цяляці і адну эфу мукі і мех віна, і прыйшла ў дом Госпада ў Сіломе; а хлопчык быў яшчэ дзіця.
25І закалолі цяля; і прывялі хлопчыка да Ілія,
26і сказала: о, спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я - тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду;
27за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;
28і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага - служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду.