Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ІСУСА

ІСУСА 17

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1І выпала жэрабя калену Манасіінаму, бо ён быў першынец Язэпаў. Махіру, першынцу Манасіі, бацьку Галалада, адважнаму на вайне, дастаўся Галаад і Васан.
2Дасталіся надзелы і астатнім сынам Манасіі, паводле родаў іхніх, і сынам Авіезэра, і сынам Хэлэка, і сынам Асрыіла, і сынам Шэхэма, і сынам Хэфэра, і сынам Шэміды. Вось дзеці Манасіі, сына Язэпавага, мужчынскага полу, паводле родаў іхніх.
3А ў Салпаада, сына Хэфэравага, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага, ня было сыноў, а дочкі. Вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца.
4Яны прыйшлі да сьвятара Элеазара, і да Ісуса, сына Нававага, і да правадыроў, і сказалі: Гасподзь загадаў Майсею даць нам надзел сярод братоў нашых. І дадзены ім надзел, паводле загаду Гасподняга, сярод братоў бацькі іхняга.
5І выпала Манасіі дзесяць дзялянак, акрамя зямлі Галаадскай і Васанскай, якая за Ярданам;
6бо дочкі сыноў Манасіі атрымалі надзел сярод сыноў ягоных, а зямля Галаадская дасталася астатнім сынам Манасіі.
7Мяжа Манасіі ідзе ад Асіра да Міхмэтата, які насупраць Сіхема; адсюль мяжа ідзе направа да жыхароў Эн Тапуаха.
8Зямля Тапуах дасталася Манасіі, а Тапуах каля мяжы Манасіінай - сынам Яфрэмавым.
9Адсюль мяжа сыходзіць да патока Кана, з паўднёвага боку патока. Гарады гэтыя - Яфрэмавыя, хоць сярод гарадоў Манасіі. Мяжа Манасіі - на паўночным баку патока і канчаецца морам.
10Што на поўдзень, тое Яфрэмава, а што на поўнач, тое Манасіінае: а мора было мяжою іхняй; да Асіра прымыкалі яны з паўночнага боку і да Ісахара з усходняга.
11Каля Ісахара і Асіра - Манасіі Бэт-Чан і залежныя ад яго мясьціны, Іўлеам і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Эн-Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Таанаха і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Мэгідона і залежныя ад яго мясьціны, і трэцяя частка Натэта.
12Сыны Манасііныя не маглі выгнаць жыхароў гарадоў гэтых, і Хананэі засталіся жыць у зямлі гэтай.
13А калі сыны Ізраілевыя ўвабраліся ў сілу, тады Хананэяў зрабілі яны даньнікамі, але выгнаць ня выгналі іх.
14Сыны Язэпа гаварылі Ісусу і сказалі: чаму ты даў мне ў надзел адно жэрабя і адну дзялянку, тым часам як я шматлюдны, бо так дабраславіў мяне Гасподзь?
15Ісус сказаў ім: калі ты шматлюдны, дык ідзі ў лясы і там, у зямлі Фэрэзэяў і Рэфаімаў, расьцерабі сабе месца, калі гара Яфрэмавая табе цесная.
16Сыны Язэпа сказалі: не застанецца за намі гара, бо жалезныя калясьніцы ўва ўсіх Хананэяў, якія жывуць у даліне, як у тых, якія ў Бэт-Сане і ў залежных ад яго мясьцінах, так і ў тых, што ў даліне Ізрээльскай.
17Але Ісус сказаў дому Язэпаваму, Яфрэмаваму і Манасіінаму: ты шматлюдны і сіла ў цябе вялікая; не адно жэрабя будзе ў цябе:
18і гара будзе твая, і лес гэты; ты расьцярэбіш яго, і ён будзе твой да самага канца яго; бо ты выганіш Хананэяў, хоць у іх калясьніцы жалезныя, і хоць яны моцныя.