Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЭФЭСЯНАЎ

ЭФЭСЯНАЎ 2

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1І вас, мёртвых за злачынствы і грахі вашыя,
2у якіх вы калісьці жылі, згодна са звычаямі сьвету гэтага, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзее цяпер у сынах супраціву,
3сярод якіх і мы калісьці жылі ў нашых плоцкіх жадобах, выконваючы пахаценьне плоці і помыслаў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія,
4Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас,
5і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, - мілатою вы ўратаваныя,
6і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе,
7каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе.
8Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, - Божы дар:
9не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся.
10Бо мы - Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.
11Дык вось памятайце, што вы, колісь язычнікі па плоці, якіх называлі «неабрэзанымі», так званыя «рукатворна абрэзаныя на плоці»,
12што вы былі ў той час бяз Хрыста, адсечаныя ад грамадзтва Ізраільскага, чужыя запаветам абяцаньня, ня мелі надзеі і былі бязбожнікі ў сьвеце;
13а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі колісь далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю:
14бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў з двух адно і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне -
15скасаваўшы варожасьць Плоцьцю Сваёю, - а закон запаведзяў - вучэньнем, каб з двух стварыць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, сталюючы мір,
16і ў адным целе прымірыць абодвух з Богам крыжам, забіўшы на гэтым варожасьць;
17і, прыйшоўшы, «абвяшчаў мір вам, далёкім, і блізкім»,
18бо празь Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу.

19Дык вось, вы ўжо ня чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
20уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,
21на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,
22на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.