Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ІСАІ

ІСАІ 40

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш;
2кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае.
3Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму;
4кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
5і зьявіцца слава Гасподняя, і ўбачыць кожная плоць выратаваньне Божае; бо вусны Гасподнія мовілі гэта.
6Голас кажа: абвяшчай! і сказаў: што мне абвяшчаць? Кожная плоць - трава і ўся краса яе - нібы кветка польная.
7Жухне трава; вяне кветка, як павее на яе ад Госпада: так і народ - трава.
8Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна.
9Узыдзі на высокую гару, Сіёне, які абвяшчаеш дабро! узвысь моцна твой голас, Ерусаліме, які абвяшчаеш дабро! узвысь, ня бойся; скажы гарадам Юдавым: вось - Бог ваш!
10Вось, Гасподзь Бог ідзе з моцаю, і сіла Яго з уладаю. Вось, узнагарода Яго зь Ім і аддача Ягоная перад абліччам Яго.
11Як пастух Ён будзе пасьвіць Свой статак; ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных.
12Хто вычарпаў воды прыгаршчамі сваімі і пядзяю вымераў нябёсы, і паклаў у меру пыл зямлі і ўзважыў на вагах горы і на шалях вагавых пагоркі?
13Хто ўразумеў дух Госпада, і быў дарадцам у Яго і вучыў Яго?
14З кім раіцца Ён, і хто наводзіць на розум Яго і настаўляе Яго на шлях праўды, і вучыць Яго ведам і паказвае Яму дарогу мудрасьці?
15Вось народы - як кропля зь вядра, і лічацца як пылінка на вагах. Вось, выспы як парушынку ўзносіць Ён.
16І Лівана ня хопіць на ахвярны агонь, і жывёлаў на ім - на цэласпаленьне.
17Усе народы перад Ім як нішто, - менш за нішто і за пустату ўважаюцца ў Яго.
18Дык вось, да каго ж прыпадобніце вы Бога? І якое падабенства знойдзеце Яму?

19Балвана вылівае майстар і залатар пакрывае яго золатам і срэбныя ланцужкі прырабляе.
20А хто бедны на такое прынашэньне, выбірае нятрухлае дрэва, шукае сабе ўмелага майстра, каб зрабіць балвана, які стаяў бы цьвёрда.
21Хіба ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба вам не казана было ад пачатку? хіба вы не ўразумелі асноваў зямлі?
22Ён ёсьць Той, Які сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе - як саранча перад Ім; Ён распрасьцёр нябёсы, як тонкую тканіну, і расхінуў іх, як намёт пад жытло.
23Ён ператварае князёў у нішто, нікчэмніць судзьдзяў зямных.
24Ледзь толькі яны пасаджаны, ледзь толькі пасеяны, ледзь толькі ўкараніўся ў зямлю камель іх, як толькі Ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і віхура іх зьнесла, як салому.
25Да каго ж вы Мяне прыпадобніце і з кім параўнаеце? кажа Сьвяты.
26Узьвядзеце вочы вашыя ў высі нябёсаў і паглядзеце, хто стварыў іх? Хто выводзіць войска іх лікам? Ён іх усіх называе імем: праз моцную магутнасьць і вялікую сілу ў Яго нішто не прападае.
27Як жа кажаш ты, Якаве, і выказваеш, Ізраіле: «дарога мая схавана ад Госпада, і дзея мая забытая ў Бога майго»?
28Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не зьнемагае; розум Яго недасьледны.
29Ён дае стомленаму сілу і даруе зьнямогламу маладосьць.
30Стамляюцца і юнакі і слабнуць, і маладыя людзі падаюць,
31а тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.