Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ВЫСЛОЎІ

ВЫСЛОЎІ 19

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.
2Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.
3Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада.
4Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны.
5Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.
6Многія дагаджаюць заможным; і кожны - сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.
7Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.
8Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.
9Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.
10Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі.
11Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная - паблажлівым да неразважлівых учынкаў.
12Гнеў цара - як рык ільва, а ласка ягоная - як раса на траву.
13Неразумны сын - пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка - сьцёкавая рына.
14Дом і маёмасьць - спадчына ад бацькоў, а разумная жонка - ад Госпада.
15Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.
16Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае - загіне.
17Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.
18Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.

19Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго.
20Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.
21Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.
22Радасьць чалавеку - дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.
23Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.
24Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.
25Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.
26Хто бацьку руйнуе і выганяе маці - сын бессаромны і ганебны.
27Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму.
28Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.
29На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары - на цела дурных.