Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ВЫСЛОЎІ

ВЫСЛОЎІ 13

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў.
2Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона - зло.
3Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.
4Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.
5Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.
6Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.
7Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.
8Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.
9Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.
10Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, - мудрасьць.
11Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго.
12Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, - як дрэва жыцьця.
13Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны.
14Навука ў мудрага - крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці.
15Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая.
16Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць.
17Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец - ратунак.
18Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе.

19Жаданьне, якое споўнілася, - прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла.
20Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца.
21Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро.
22Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму.
23Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.
24Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.
25Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.