Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ПСАЛТЫР

ПСАЛТЫР 94

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Пахвальная песьня Давідава. Прыйдзеце, засьпяваем Госпаду, усклікнем Богу, цьвярдыні ратунку нашага;
2станьма прад абліччам Ягоным з хвалою, у песьнях усклікнем Яму,
3бо Гасподзь ёсьць Бог вялікі і Цар над усімі багамі.
4У руцэ Ягонай глыбіні зямлі, і вяршыні гор - Ягоныя;
5Ягонае - мора, і Ён стварыў яго, і сушу стварылі рукі Ягоныя.
6Прыйдзеце, паклонімся і прыпадзем, укленчым прад абліччам Госпада, Творцы нашага,
7бо Ён ёсьць Бог наш, і мы - людзі паствы Ягонай і авечкі рукі Ягонай. О, калі б вы сёньня паслухалі голасу Яго:
8«ня ўпускайце жорсткасьць у сэрца вашае, як у Мэрыве, як у дзень спакушэньня ў пустыні,
9дзе спакушалі Мяне бацькі вашыя, выпрабоўвалі Мяне, і бачылі дзею Маю.
10Сорак гадоў раздражняў Мяне род гэты, Я сказаў: гэта народ, які заблудзіўся сэрцам; яны не спазналі дарог Маіх;
11і таму прысягнуў Я ў гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у Мой спакой».