Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ПСАЛТЫР

ПСАЛТЫР 101

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю.
2Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе.
3Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне.
4Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка;
5сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб;
6ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй.
7Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах;
8ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху.
9Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне.
10Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі,
11ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне.
12Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава.
13Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род.
14Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час;
15бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць.
16І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя - славы Тваёй.
17Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй;
18паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй.

19Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада,
20бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю,
21каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці,
22каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму - у Ерусаліме,
23калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду.
24Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае.
25Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў.
26На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзея рук Тваіх;
27яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, - і зьменяцца;
28але Ты - той самы, і гады Твае ня скончацца.
29Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.