Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЁВА

ЁВА 10

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Абрыдла душы маёй жыцьцё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй.
2Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся?
3Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло?
4Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?
5Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны,
6што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне,
7хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй?
8Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, - і Ты губіш мяне?
9Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне?
10Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне,
11скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне,
12жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой?
13Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, - ведаю, што гэта было ў Цябе, -
14што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня.
15Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё:
16яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным з'яўляешся мне.
17Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне.
18І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне;

19хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу!
20Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся,
21перш чым адыду, - і ўжо не вярнуся, - у край цемры і ценю сьмяротнага,
22у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра.